ДЭСКРЫПТЫ́ЎНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

адзін з трох кірункаў класічнага структуралізму (поруч з Пражскім лінгвістычным гуртком і гласематыкай), што існаваў у 1-й пал. 20 ст. ў ЗША. Меў на мэце распрацаваць строгія фармальныя працэдуры апісання мовы: сфармуляваць кампактныя, несупярэчлівыя і вычарпальныя правілы, з дапамогай якіх у мове паслядоўна вылучаюцца на розных яе ўзроўнях (фаналагічным, марфалагічным, сінтаксічным) адзінкі, класы адзінак, а таксама вызначаюцца сувязі паміж адзінкамі розных узроўняў мовы і паміж адзінкамі аднаго класа. Для выканання гэтых задач у Д.л. распрацаваны 3 прыёмы навук. даследавання мовы: аналіз па непасрэдна састаўляючых, трансфармацыйны метад і гал. спосаб апісання мовы — дыстрыбутыўны метад. Напачатку першыя 2 прыёмы былі скіраваныя на выдзяленне адзінак і на правілы іх камбінавання, а дыстрыбутыўны метад — на выяўленне характару размеркавання адзінак у тэксце; т.ч. браўся пад увагу толькі план выражэння моўных адзінак (іх знешні, фармальны бок) і не разглядаўся іх план зместу (семантычны бок). Зараз выкарыстанне гэтых метадаў абапіраецца і на ўлік семантычных асаблівасцей мовы. Ад Д.л. бяруць пачатак некалькі школ: Іельская (засн. Л.Блумфілдам), звязаная пераважна з фармалізацыяй апісання мовы; Эн Арбарская побач з фармальнымі працэдурамі аналізу ўлічвае і псіхал. фактары ў мове (Ю.Найда, К.Пайк і інш.); генератыўная лінгвістыка даследуе звязны тэкст з дапамогай трансфармацыйнага аналізу і матэм. метадаў (Н.Хомскі і інш.).

Літ.:

Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику Пер. с англ. М., 1959.

Б.А.Плотнікаў.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)